Средняя  школа  №7

г.  Бреста

 

ТВОРЧЕСТВО УЧАЩИХСЯ

 

Творчество учащихся СШ №7 г. Бреста

Яўгенія БАГАЦЕЕВА

Вучаніца 11 "В" класа СШ 7 г. Брэста

Ажывіць душу народа

Калі страцім мову - страцім душу, здрадзім роду і самім сабе...

 
Яўгенія БагацееваЯўгенія Багацеева - пераможца 2-го этапу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове, старшыня парламента «Школьнай рэспублікі». Настаўнік - Сцепанюк Святлана Васільеўна

 
 
Народная Трыбуна Народная Трыбуна №8 (1203) 21 лютага 2014 года
“Не пакідайце ж мовы нашай …”

Рубрыка: Асабістае меркаванне
 

У маёй школе ўрокі беларускай мовы праходзяць звычайна без энтузіязму з боку вучняў. Відавочна, што да ведаў па гэтым прадмеце мае равеснікі зусім не імкнуцца. Калі я пытаю ў аднакласнікаў, чаму ім нецікава вывучаць родную мову, яны кажуць, што гэта ім проста не трэба. I тлумачаць: руская мова таксама дзяржаўная, у штодзённым жыцці яе шырока выкарыстоўваюць, навучанне ў школе вядзецца па-руску, дык навошта вучыць беларускую?...

Такія меркаванні мяне засмучаюць. Хацелася б думаць, што аднагодкі - людзі выхаваныя і адукаваныя, але ў моўным пытанні невукі. Іх не бянтэжыць няведанне роднай мовы. Дык ці ёсць у іх увогуле шчырыя пачуцці да сваёй Радзімы, да свайго роду?

Для мяне беларуская мова - мова маёй творчасці. Наша гаворка натхняе, нават, калі хочаце, пашырае творчыя гарызонты. Так, у штодзённым жыцці карыстаюся рускай мовай, але толькі прыходзіць натхненне, жаданне падзяліцца думкамі з іншымі - маё мысленне пераключаецца на родную мову. Менавіта ў ёй знаходжу самыя патрэбныя словы, прыгожыя вобразы, дакладныя па эмоцыях і адчуваннях выказванні. Вельмі люблю беларускую паэзію і ўвесь час папаўняю сваю калекцыю кніг. Адны з апошніх набыткаў - вершы Алеся Камоцкага і Пятра Прыходзькі. Нават рускіх аўтараў цікава чытаць у перакладзе на беларускую мову. I ахвотна падтрымаю размову па-беларуску.

Вельмі проста адгаварыцца абмежаванасцю моўнага асяроддзя, адсутнасцю маўленчай практыкі. Вось усвядоміць, што мова твайго народа, тваёй краіны найперш патрэбна табе для таго, каб быць беларусам - а гэта значыць, стаць адрозным ад іншых - складаней.

Страцім мову - страцім душу. Так, мы будзем выдатна разумець адзін аднаго, карыстаючыся рускай мовай, але мы здрадзім свайму роду, самім сабе. Лёс жа здраднікаў незайздросны, чаму ў гісторыі любога народа можна знайсці тысячы пацвярджэнняў.

Пагутарыла з дарослымі. Многія выказаліся за вяртанне беларускай мовы ў школу ў шырокім фармаце, а не адным-двума 45-хвіліннымі ўрокамі на тыдзень. Каб нешта па-сапраўднаму любіць ці не - найперш трэба гэта дасканала ведаць.

 

К началу страницы